Рэспубліканская інфармацыйна-прапагандысцкая акцыя «Бяспечныя канікулы»
З 15 мая па 31 жніўня ва ўсіх рэгіёнах краіны пройдзе рэспубліканская інфармацыйна-прапагандысцкая акцыя «Бяспечныя канікулы».
Інтэрактыўны фармат запланаваных мерапрыемстваў прадугледжвае навучанне правілам бяспекі не толькі дзяцей, але і дарослых. Ратавальнікі раскажуць пра прычыны і ўмовы ўзнікнення надзвычайных сітуацый, якія адбыліся з удзелам дзяцей, прыводзячы прыклады наступстваў бестурботных учынкаў. А як не дапусціць узнікнення пажараў з прычыны дзіцячай сваволі з агнём, гібелі і траўматызму дзяцей, як паводзіць сябе на вадаёмах і дзейнічаць у выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый у перыяд летніх канікул – будзе карысна ўспомніць і бацькам, і дзецям.
Асноўная аўдыторыя – хлапчукі і дзяўчынкі ўсіх узростаў. Ратавальнікі наведаюць летнія аздараўленчыя і прышкольныя лагеры, правядуць сустрэчы з малымі ў дашкольных установах, пагутаруюць з педагогамі.
Паважаныя бацькі, не забывайце пра тое, што вы павінны паклапаціцца пра бяспеку сваіх дзяцей: стварыце бяспечныя ўмовы пражывання, ні ў якім разе малых не пакідайце без нагляду нават на некаторы час, прагаварыце з дзецьмі небяспечныя сітуацыі і іх наступствы. Будзьце прыкладам для дзіцяці і выконвайце правілы бяспекі.
Далучайцеся да мерапрыемстваў МНС і разам мы зробім лета дзяцей бяспечным!





