Адкрыццё выставы "Родны край"




«Родны край» — выстава жывапісу Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Еўразійская мастацкая садружнасць»
З 6 жніўня па 6 верасня ў Дзяржаўнай установе «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна» будзе праходзіць выстава Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Еўразійская мастацкая садружнасць».
Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Еўразійская мастацкая садружнасць» — гэта афіцыйнае творчае аб’яднанне ў Беларусі, якое яднае жывапісцаў, графікаў, скульптараў і мастацтвазнаўцаў з 2020 года.
З радасцю запрашаем знаўцаў мастацтва наведаць экспазіцыю, якая аб’ядноўвае работы 22 таленавітых мастакоў, у якіх з любоўю і трапятаннем захаваны прыгажосць роднай прыроды, утульнасць хатняга ачага, непаўторны каларыт знаёмых з дзяцінства мясцін, старадаўніх народных традыцый і паданняў.
На выставе прадстаўлена каля 60 жывапісных твораў, выкананых у розных жанрах.
«Гэтая выстава — не проста збор карцін, а магчымасць нанова адкрыць для сябе прыгажосць звыклых мясцін, убачыць іх вачыма натхнёных майстроў», — адзначаюць арганізатары.
Экспазіцыя дазволіць гледачу адпачыць душой і яшчэ раз пераканацца ў тым, якая цудоўная наша зямля. Гэта каляровая сімфонія фарбаў, якая спыняе час, каб захаваць душу народа ў танцы, у вянку з палявых кветак і ў шэпце старадаўніх легенд і фальклору, у якой мазкі пэндзля захоўваюць жар вогнішча, звон званоў і мудрасць сівой даўніны.
Запрашаем усіх жадаючых акунуцца ў свет прыгажосці і гармоніі роднага краю!





