Галоўная » НАВІНЫ » Тэхналогія спіральнага пляцення з Віцебскай вобласці прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю

Тэхналогія спіральнага пляцення з Віцебскай вобласці прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю

Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў Віцебскай вобласці і Віцебска атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Спіральнае пляценне - адзін з найбольш старажытных відаў пляцення. Гэта тэхніка вядомая амаль усім земляробчым народам Еўропы яшчэ з эпохі неаліта. Распаўсюджана яна была і на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, на Віцебшчыне ў пачатку ХХ стагоддзя была шырока прадстаўлена ў вёсках Гарадоцкага і Браслаўскага раёнаў, дзе майстры з яе дапамогай выраблялі прадметы хатняга ўжытку: ёмістасці для захоўвання прадуктаў харчавання і вопраткі, мэблю, вуллі, абутак, палавікі, фіранкі. Цікавяцца ёй і сучасныя майстры, шмат хто з іх займаецца даследаваннем сваіх рэгіёнаў і рэканструкцыяй знойдзеных артэфактаў спіральнага саломапляцення. 

Традыцыя спіральнага пляцення на Віцебшчыне адраджаецца супольнасцю майстроў амаль у нязменным выглядзе ў Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Гарадоцкім раёнах і Віцебску. Для папулярызацыі гэтай тэхналогіі і народных рамёстваў у культурна-гістарычным комплексе "Залатое кола горада Віцебска "Дзвіна", Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклёру, Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры таксама дзейнічаюць гурткі па спіральным пляценні для дзяцей і дарослых.

У Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі ўключана 13 элементаў Віцебшчыны, існуючых і ўжываных на практыцы ў Браслаўскім, Гарадоцкім, Глубоцкім, Дубровенскім, Докшыцкім, Лепельскім, Міёрскім, Полацкім, Пастаўскім, Шаркаўшчынскім раёнах і ў Віцебску.